Навіны

Мастацкі нарыс: Георгій Міхейчык


2021-02-15

Вітаем, шаноўныя сябры! Сёння мы працягваем цыкл нарысаў пра жодзінскіх мастакоў "Мастацкі нарыс". Жодзіна – не толькі горад машынабудаўнікоў, але і выдатных, самабытных мастакоў, якія фармуюць культурнае асяроддзе нашай краіны. Сучаснымі, часам амбіцыйнымі праектамі творчыя жодзінцы ажыўляюць гарадскую атмасферу, адкрываюць для нас дзіўны свет вобразаў, звяртаючыся да прыгажосці роднай зямлі.

Шматлікія гарадскія ўстановы яшчэ ў савецкія гады былі цэнтрамі для дэманстрацыі мастацкіх палотнаў. А адкрытая ў 2014 годзе Гарадская выставачная зала стала пастаяннай пляцоўкай для экспазіцый не толькі жодзінскіх майстроў, але і вядомых мастакоў рэспублікі. Гэта паслужыла магутным стымулам для з'яўлення новых цікавых карцін. Сумесна з вопытнымі майстрамі жывапісу тут выстаўляюцца і маладыя мастакі, якія працягваюць і развіваюць традыцыі гарадской культурнай супольнасці.


АдкрыцьКалі ўзнікае пытанне: “Хто з жодзінскіх мастакоў – майстар акрылавых фарбаў?”, то адназначным адказам будзе – Георгій Міхейчык. Гэты працавіты мастак абраў акрылавыя фарбы за хуткасць іх высыхання, бо гэтая іх якасць як мага лепш адпавядае тэмпу яго плённай творчасці. Георгій Міхайлавіч заўжды ўдзельнічае ў калектыўных выставах жодзінскіх мастакоў і кожны раз здзіўляе гледачоў менавіта новымі працамі. Так і зараз ён выставіў у Вялікай зале сваю персанальную выставу пад назвай “Любым прычвячаецца…”.

Персанальная выстава патрабуе персанальнага знаёмства з мастаком. Георгій Міхайлавіч – мясцовы мастак. Нарадзіўся ён у 1948 годзе ў вёсцы Апутак Смалявіцкага раёна. У 1974 годзе скончыў афарміцельскае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча імя Глебава, а ў 1979 годзе – аддзяленне керамікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Яго настаўнікамі былі Т. Паражняк, М. Беляеў, В. Гаўрылаў. З 1975 года – актыўны ўдзельнік мастацкіх выстаў. У 1990 годзе ўступіў у Беларускі саюз мастакоў, а з 2017 года – сябар Беларускага саюза дызайнераў.

Асноўным кірункам творчасці Георгія Міхайлавіча доўгі час было дэкаратыўна-прыкладное мастацтва ў накірунку керамікі. Амаль 20 год ён працаваў пераважна над стварэннем дэкаратыўнага посуду, невялікіх скульптур, пано і скульптурных кампазіцый. Частка з гэтых прац знайшлі сваё месца ў фондах Беларускага саюза мастакоў, прыватных калекцыях Польшчы, Германіі, Ізраілю.

Але ўсё змянілася ў сярэдзіне 2000-х, калі жодзінскі мастак Аляксандр Фралянкоў прапанаваў Георгію Міхайлавічу разам справіцца на плэнер. Ды не куды-небудзь, а на жывапісны прастор Ладагі. Лёгкасць і хуткасць эцюднага жывапісу і яго неверагодныя, амаль містычныя вынікі ўразілі Георгія. З тых часоў ён пачаў свой шлях як майстар акрылавага жывапісу. І бягучая выстава дазваляе прасачыць гэты шлях.

Да шэрагу найбольш ранніх прац адносяцца напісаныя маслянымі фарбамі эцюды з Ладагі, а таксама партрэты тых самых любых, у гонар якіх і зроблена выстава. Гаворка ідзе аб рэалістычным партрэце жонкі, які пільным і крыху ганарлівым позіркам назірае частку экспазіцыі (па часе гэты партрэт быў напісаны пазней, але цалкам характэрны для ранняй творчасці), а таксама пра графічныя партрэты маці і бацькі, якія занялі цэнтральную пазіцыю ў зале. Між імі калаж з аўтабіяграфічных фотаздымкаў аўтара выставы, яшчэ адна нагода паразважаць над мастацкай эвалюцыяй Георгія. Пад кожным з бацькоў аўтар вырашыў змясціць па нацюрморце. Тое як дасканала яны зробленыя, насычаннасць колераў і манера укладання мазка сведчаць аб тым, што гэта таксама адны з першых спробаў жывапісу, калі над мастаком яшчэ пераважала звычка кераміста рабіць сакавіта, але вельмі прадметна.

Наступны этап, гэта лёгкі эцюдны жывапіс з акцэнтам на адценні і калярыстычныя нюансы. Карціны гэтага этапу выдзяляе не толькі мноства далікатных, натуралістычных колераў і лірычныя сюжэты. Яны зроблены хоць ужо не так рэалістычна, як папярэднія, але з увагай да прадметнасці намаляваных аб’ектаў. Акрамя таго, іх можна пазнаць і па нясмелым яшчэ невялічкім памеры.

Прыкладна з 2016 года пачынаецца сучасны этап. Бясконцыя паездкі на адпачынак у Дудзінку, штосезонна цэлы карагод новых эцюдаў з жывапісным наваколлем Бярэзіны. Гэтыя працы адрознівае размах, памер, схільнасць да імпрэсіянісцкай манеры. Мноства яркага чыстага колеру, шчодры мазок і адчуванне стану прыроды – вось характарыстыкі цяперашняй творчасці Георгія Міхайлавіча.

Калі вы таксама любіце карціны, напісаныя ў адным парыве, з першым уражаннем, карціны, па якім лёгка прасачыць адчуванне аўтарам натуры, то паспяшайцеся паглядзець выставу Георгія Міхейчыка, бо яна мае скончыцца напрыканцы лютага.

Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік
Жодзінскага краязнаўчага музея
Віктар Аўчарэнка

2024 - Год качества
Государственные символы
Республики Беларусь
Каляндар
Мерапрыемствы выхаднога дня
2-3 сакавіка
09.00 – 17.00
Выставка "Тайны древнего океана" (Гарадская выставачная зала (вялікая), вул. Дзеравянкі, 14б).
09.00 – 17.00
Выставка сухоцветной флористики и гипсовых изделий "В озябший мир придёт весна..." (Гарадская выставачная зала (малая), вул. Дзеравянкі, 14б).
09.00 – 17.00
Персональная мини-выставка пирографии Игоря Коперского "Известные люди" (Гарадская выставачная зала (піраграфія), вул. Дзеравянкі, 14б).
09.00 – 18.00
Фотовыставка "Чемпион из Жодино" (Жодзінскі краязнаўчы музей, вул. Купрыянава, 15).
Карысныя спасылкі



© ДУК "Жодзінскі краязнаўчы музей"
Мінская вобл., г.Жодзіна, вул.Купрыянава, 15
Тэл.:
+375 (1775) 4 63 68
© 2018-2024
Распрацоўка сайта:
Аляксандр Сімановіч