Але не ўсе ведаюць, што ў 1980 годзе ў Жодзіне быў адкрыты Дом-музей Н.Ф. Купрыянавай, які дзейнічае і зараз. Невялікая, сціплая хатка. Адчыняеш калітку, падыходзіш бліжэй да хаты, чытаеш шыльду: “В этом доме с 1947 по 1969 годы жила мать-патриотка А.Ф. Куприянова”.
На стэндах – лісток па ўліку партызанскіх кадраў, некалькі здымкаў з жыцця партызан, матэрыялы, звязаныя са знаходжаннямі П. Купрыянава ў дзейсным Войску, яго камсамольскі білет за № 21849457, апошні ліст да маці, датаваны 12.10.1944г. Тут жа фотаздымак мемарыяльнага знака, які быў усталяваны на месцы подзвігу яфрэйтара Купрыянава, зямля з месца пахавання, дакументы, якія сведчаць пра прысваенне яму звання Героя Савецкага Саюза (пасмяротна). Яшчэ адзін сын, Аляксандр, у 1932 годзе з'ехаў у Сібір і там пражыў усё жыццё, працаваў на чыгунцы машыністам. Памёр у адзін дзень з маці ў красавіку 1979 года. Экспанаты музея распавядаюць пра Анастасію Фамінічну Купрыянаву, яе дзяцінства, юнацтва, замужжа, распавядаюць пра яе як пра маці, якая выгадавала сваіх сыноў патрыётамі Радзімы, якая прыкладам свайго жыцця і жыцця сваіх сыноў пераканаўча сведчыла, якім павінен быць чалавек на зямлі. Анастасія Фамінічна часта сустракалася з ваяўнікамі часткі, у склад якой быў назаўжды залічаны Пётр Купрыянаў, яна была частым госцем у школах, дзіцячых садах, на прадпрыемствах горада, на святочных мерапрыемствах…

